
Аліса Рыжычэнка
Магістр эканомікі, экспертка ў галіне дзяржаўнага кіравання і міжнароднага развіцця
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах у Аб'яднаным Пераходным Кабінеце
Заснавальніца ARIA AI School — бясплатнай анлайн-школы лічбавых навыкаў і штучнага інтэлекту для беларусак.
Бэкграўнд
Нарадзілася і вырасла ў Полацку. Мае дыплом магістра эканомікі (БДЭУ, спецыялізацыя — дзяржаўнае кіраванне і рэгуляванне нацыянальнай эканомікі), а таксама адукацыю ў сферы фінансаў (Business Financial Management, Універсітэт Граца). У цяперашні час завяршае магістратуру па палітычных навуках у Венскім універсітэце (спецыялізацыя — еўрапеізацыя і міжнароднае развіццё).
Валодае практычным досведам у кіраванні камерцыйнай нерухомасцю, кіраўніцтве бізнес-падраздзяленнямі, а таксама запуску і рэалізацыі складаных міждысцыплінарных праектаў на стыку эканомікі, палітыкі і адукацыі.
Грамадска-палітычная дзейнасць
Пасля падзей 2020 года цалкам прысвяціла сябе працы дзеля дэмакратычнай будучыні Беларусі. Прайшоўшы праз вымушаную эміграцыю і пачаўшы жыццё з нуля ў Аўстрыі, працягвае сістэмна працаваць над эканамічнай трансфармацыяй краіны і падтрымкай беларускага грамадства.
У складзе Аб'яднанага Пераходнага Кабінета распрацавала комплекснае бачанне эканамічнага развіцця будучай Беларусі: пераход да эканомікі ведаў, глыбокая рэформа дзяржаўнага сектара, маштабная лічбавізацыя кіравання, укараненне празрыстых сістэм электронных закупак паводле стандартаў АЭСР, абарона правоў уласнасці, стварэнне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і развіццё тэхналагічнага сектара.
З 2020 года выступае ў якасці пастаяннай эканамічнай эксперткі ў незалежных медыя: Belsat, Euroradio, Zerkalo.io, Malanka Media, 6TV Belarus, Der Standard і іншыя. Вядзе ўласныя каналы на YouTube і TikTok.
Працавала з фондамі «Краіна для жыцця» і «Дыхай Вольна», рэалізуючы праекты ў галіне эканамічнай аналітыкі, расследавання эканамічных злачынстваў і супрацьдзеяння дэзінфармацыі.
Адукацыйная дзейнасць
Заснавала бясплатную анлайн-школу ARIA AI School для беларусак з уразлівых груп — адукацыйную платформу, дзе жанчыны атрымліваюць лічбавыя навыкі ў сферы штучнага інтэлекту і дзелавой англійскай мовы. Сёння ў школе навучаюцца больш за 140 вучаніц.
Прыярытэты ў Каардынацыйнай радзе
Эканамічная трансфармацыя будучай Беларусі. Інвестыцыі ў адукацыю, здароўе, годнасць і магчымасці грамадзян як ключавая ўмова пабудовы моцнай, сучаснай і канкурэнтаздольнай эканомікі.
Асабістае
Выхоўвае 12-гадовага сына. Асабісты досвед эміграцыі, сумяшчэння мацярынства, прафесійнай дзейнасці і грамадскай працы фарміруе яе падыход да палітыкі — арыентаваны на ўстойлівасць, адказнасць і рэальныя патрэбы людзей.